Святочнае шэсце «Адзіны шлях да хлеба» адкрыла сёння раённы фестываль працаўнікоў вёскі «Дажынкі — 2024» у Вялікіх Эйсмантах.
Калона лепшых аграрыяў Бераствіччыны ў суправаджэнні ваеннага аркестра Гродзенскай пагранічнай групы рушыла па галоўнай вуліцы аграгарадка да летняга амфітэатру, дзе і разгорнецца галоўная дзея свята.
Наперадзе — сцягі і эмблема свята, Маці Ніва, да якой ідуць восем стужак — па колькасці гаспадарак нашага раёна, далей — хлопцы-сейбіты, дзеці- зярняткі, дзяўчаты-каласкі, жанчыны-жнеі, мужчыны з мяхамі мукі, ну і, вядома ж, сноп і першы каравай новага ўраджаю. За імі крочаць удзельнікі раённага фестывалю працаўнікоў вёскі — дэлегацыі сельскагаспадарчых арганізацый Бераставіччыны.



Раённы фестываль працаўнікоў вёскі “Дажынкі – 2024” у Вялікіх Эйсмантаў пачаўся з цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў спаборніцтва на ўборцы ўраджаю, якая праходзіла ў летнім амфітэатры аграгарадка.
Адкрыў фестываль гаспадар бераставіцкай зямлі — старшыня Бераставіцкага раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Кадргулаў. Ён падкрэсліў, што сённяшняя урачыстасць – гэта шчырая падзяка за працу лепшым з лепшых, тым, хто ў спёку і непагадзь, з ранку да ночы працаваў на хлебнай ніве і прымнажаў дабрабыт нашага краю.

— Бераставіцкія аграрыі ў чарговы раз пацвердзілі свой прафесіяналізм, — адзначыў Дзмітрый Рафаэльевіч. – Сёння наш раённы каравай важкі – мы сабралі 85 з паловай тысяч тон зерня пры ўраджайнасці 64 ц/га, намалацілі 16,3 тысячы тон масласемя рапса. Гэта годны вынік і на ўзроўні вобласці, і на ўзроўні рэспублікі.
Граматы Бераставіцкага раённага выканаўчага камітэта атрымалі Віктар Белабокі, галоўны аграном СУП «МілкАгра», Аляксандр Наумовіч, трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці КСУП «Варанецкі», і Уладзімір Панцэвіч, дыспетчар РУСП «Масаляны».

У маладзёжным спаборніцтве лепшых паказчыкаў дасягнулі Павел Данілаў, вадзіцель аўтамабіля КСУП «Пархімаўцы», Максім Салманаў, вадзіцель аўтамабіля РСУП «Алекшыцы», і Алег Анішчык, вадзіцель аўтамабіля СУП «МілкАгра».

Далей цырымонію ўзнагароджання працягнуў старшыня Бераставіцкай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Анішчык. Граматы Гродзенскага абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу ён уручыў дырэктару РУСП «Масаляны» Алегу Антушэвічу, галоўнаму аграному РСУП «Алекшыцы» Генадзію Здановічу, трактарысту-машыністу сельскагаспадарчай вытворчасці СУП «МілкАгра» Яўгену Пічкоўскаму, трактарысту-машыністу сельскагаспадарчай вытворчасці КСУП «Пагранічны -Агра» Віктару Трахіміку і трактарысту-машыністу сельскагаспадарчай вытворчасці КСУП «Пархімаўцы» Васілю Сепееву.

Граматай Бераставіцкага раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу былі ўзнагароджаны трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці СУП «МілкАгра» Андрэй Новік, трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці СУП «МілкАгра» Юрый Багдзей.

Падзяку Бераставіцкага раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу атрымаў Аляксандр Ціток, вадзіцель аўтамабіля СУП «МілкАгра».

